История || Старонкi мiнулага

 

 

Гістарычныя крыніцы ўзнікнення Быхава адносяць да часу не раней 1387 г. і не пазней 1406 г. З 14 стагоддзя ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Быхаў упамінаецца ў спісе гарадоў гэтага княства, змешчаным ва Уваскрасенскім летапісе і ў актах узвядзення Свідрыгайлы на літоўскі трон у 1430 г. Паводле народнага падання назва горада паходзіць ад слоў «быў хоў», месца, дзе мясцовыя жыхары хаваліся ад нападу непрыяцеля. Прывілеямі караля Сігізмунда-Аўгуста ад 1556 і 1568 гг. Быхаў падараваны старосту жмудскаму і губернатару ліфляндскаму Яну Хадкевічу, які стаў называцца «графам на Быхаве».

Пад канец 16 стагоддзя ў час антыфеадальных паўстанняў на Украіне і Беларусі ў наваколлі Быхава дзейнічалі казацкія атрады. Пры садзеянні гарадской беднаты ў лютым 1590 г. Быхаў заняў атрад Мацюшы, шляхта, ліхвяры і арандатары былі перабіты. Зімой 1595 г. пасля разгрому Магілёва праз Быхаў на Рэчыцу праходзіў атрад Севярына Налівайкі. Улічваючы важнае стратэгічнае становішча горада, гетман Вялікага княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч у 1590-1619 гг. пабудаваў у Быхаве замак і ператварыў горад у магутную крэпасць.

З 1628 г., паводле шлюбнага дагавору дачкі Хадкевіча з літоўскім маршалкам Янам Сапегам, горад перайшоў ва ўладанне Сапегаў.

У 14 - 16 стагоддзях фарміравалася беларуская народнасць. Культура беларускага народа набывала нацыянальную самабытнасць. З Быхаўшчынай звязана жыццё і дзейнасць Лаўрэнція Зізанія (? - 1634), беларускага педагога, перакладчыка, царкоўнага дзеяча. Яго «Азбукай» (стварыў разам з братам Стэфанам Зізаніем, 1596) і «Граматыкай» (1596) карысталіся ў брацкіх школах Беларусі, Украіны і Літвы. У 1597 — 1600 гг. ён працаваў хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты князя Б. Саламярэцкага ў Баркалабаве. Мялецій Сматрыцкі [1572 (?) - 1633] — беларускі і ўкраінскі пісьменнік-палеміст, царкоўны і грамадска-палітычны дзеяч таксама настаўнічаў з 1600 г. ў князя Саламярэцкага ў Баркалабаве. Яго «Граматыку» (1619) М. В. Ламаносаў разам з «Арыфметыкай» Л. Магніцкага называў «вратами своей учености».

У арыгінальнай літаратуры пачатку 17 стагоддзя важнае месца заняў гістарычна-мемуарны твор «Баркулабаўская хроніка», дзе апісаны падзеі 1545 - 1608 гг. Самабытнасць мовы, высока мастацкае адлюстраванне сялянскага жыцця ставяць «Хроніку» у шэраг найвыдатнейшых помнікаў беларускай нацыянальнай культуры.

У 17 стагоддзі ўзмацнілася барацьба беларускага народа супраць польскіх і літоўскіх феадалаў. Пасіўныя формы супраціўлення магнатам перараслі ў магутны паўстанцкі рух. На пачатак стагоддзя пачасціліся ўцёкі беларускіх сялян і рамеснікаў-гараджан, у тым ліку і з Быхава, у межы Рускай дзяржавы.

Гераічная абарона Быхава ў 1708 г. (з малюнка мастака М. Ц. Гуціева.)

У вызваленчую вайну ўкраінскага і беларускага народаў 1648—1654 гг. Быхаў неаднаразова асаджалі казацкія войскі ўраджэнца Быхава Філона Гаркушы. У 1648 г. з атрадам казакаў ён прыбыў з Украіны на Беларусь. Тут рады паўстанцаў папоўнілі беларускія сяляне. Атрадам Гаркушы ў баі каля мястэчка Горваль на пераправе цераз р. Бярэзіна быў разбіты буйны атрад стражніка Вялікага княства Літоўскага Мірскага. У снежні 1648 г. Гаркуша штурмаваў Быхаўскую крэпасць, але штурм быў адбіты і Гаркуша перайшоў да асады Быхава. Атрады польскай шляхты пад камандаваннем Горскага і Паца, якія выступілі з часткай быхаўскага гарнізона на задушэнне сялянскага паўстання ў Чэрыкаве, павінны былі зноў вярнуцца ў Быхаў. Пад націскам войск Горскага і Паца Гаркуша адступіў. У 1651 г. з атрадам у 15 тысяч чалавек ён ваяваў у раёне р. Прыпяць, разграміў атрад палкоўніка Паўшы. У сакавіку — кастрычніку 1654 г. Гаркуша быў паслом Багдана Хмяльніцкага ў Маскве.

Паводле Збораўскага дагавору паміж Хмяльніцкім і каралём польскім Янам Казімірам (9 жніўня 1649 г.) Быхаў стаў пагранічным горадам. У кастрычніку 1649 г. гараджане ўзнялі паўстанне, перабілі значную частку паноў і шляхты, але пацярпелі паражэнне.

18 студзеня 1654 г. Украіна ўз'ядналася з Расіяй. У маі таго ж года Расія пачала вайну з Польшчай за Беларусь. На працягу ўсёй вайны Быхаў адыгрываў ролю ўмацаванага горада-крэпасці. Казацкія атрады гетмана Залатарэнкі па загаду цара Аляксея Міхайлавіча ў жніўні 1654 г. асадзілі горад. Аднак працяглая асада і штурм Быхава не далі станоўчых вынікаў. 5 снежня Залатарэнка зняў асаду і з войскам адступіў ад горада. Далейшае развіццё ваенных дзеянняў паказала, што Быхаў трэба ўзяць, і Залатарэнка ў 1655 г. зноў асадзіў крэпасць і ўзяў яе, але сам быў цяжка паранены і памёр. Пасля яго смерці казацкія палкі ўзначаліў Іван Нячай. Маючы намер устанавіць сваё панаванне над паўднёва-ўсходнімі землямі Беларусі, ён перайшоў на бок польскіх паноў і ў канцы 1659 г. адкрыта выступіў супраць Масквы. На задушэнне мяцежнікаў з Магілёва выступілі рускія войскі пад камандаваннем маскоўскіх ваявод Далгарукава, Лабанава-Растоўскага і Сямёна Змеева. Іван Нячай, пацярпеўшы паражэнне пад Мсціславам, схаваўся з рэшткамі сваіх атрадаў у Быхаўскай крэпасці. Рускія войскі ў маі акружылі горад і 4 снежня 1659 г. з дапамогай баяр Ільінічаў, верных Расіі, якія ўгаварылі ваявод Ранькоўскага i Шале адчыніць вароты крэпасці, авалодалі ім. Здраднікі па прыгавору баярскага суда былі пакараны смерцю, Нячай і яго брат Юрый сасланы ў Табольск. Да канца вайны Расіі з Польшчай ( 1667) Быхаў яшчэ не раз трымаў аблогі ваюючых бакоў. У жніўні 1664 г. рускі князь Юрый Мікітавіч Празароўскі разграміў каля Быхава літоўскага ваяводу Паца. У ліку палонных быў і Даніла Меншыкаў, бацька будучага рускага палкаводца, паплечніка Пятра I А.Д. Меншыкава. Паводле Андрусаўскага перамір'я 1667 г. Быхаў адышоў да Польшчы і стаў прыватнаўласніцкім горадам-крэпасцю, дзе размяшчаліся рэзідэнцыя магнатаў-уладальнікаў Хадкевічаў і Сапег, вайсковы гарнізон. Роля стратэгічнага пункта на польска-рускім парубежжы абумовіла эканамічнае і сацыяльнае развіццё горада. Насельніцтва групавалася ў двух абшчынах — мяшчанскай і яўрэйскай. За карыстанне зямлёй яны плацілі ўладальніку горада грашовы чынш, неслі павіннасці па падтрыманню крэпасці ў баявой гатоўнасці. З мэтай папоўніць колькасць гарадскіх мяшчан у 1630-х гадах каля Быхава на левым беразе Дняпра была пабудавана Слабада Лявонаўка, яе пасяленцы былі вызвалены ад подацей і іншых павіннасцей на 14 гадоў.

Развіваліся гандлёвыя сувязі Быхава з шэрагам польскіх і рускіх гарадоў, у тым ліку з Масквой, але з-за частых войнаў і экспансіянісцкай палітыкі каталіцкай царквы, яны не былі сталымі. Рамесніцкая дзейнасць насельніцтва абмяжоўвалася галоўным чынам будаўніцтвам і рамонтам замка і фартыфікацыйных умацаванняў, абслугоўваннем патрэб вайсковага гарнізона і гарадскога апалчэння. У 1655 г. граматай караля Яна Казіміра Быхаў быў вызвалены ад подацей на 20 гадоў, а ў 1676 г. пастановай Сейма — яшчэ на 10 гадоў.

Паўночная вайна Расіі са Швецыяй 1700— 1721 гг. прынесла Быхаву і навакольным землям новыя выпрабаванні. Становішча ўскладнялася яшчэ і абвастрэннем міжусобнай барацьбы магнацка-шляхецкай алігархіі Вялікага княства Літоўскага за вярхоўную ўладу. Сапегі — уладальнікі Быхава — перайшлі на бок Карла XII, каб заручыцца яго падтрымкай. Па загаду польскага караля Аўгуста II, саюзніка Расіі ў вайне супраць Швецыі, літоўскі генерал-маёр Бонч-Сініцкі на чале атрадаў літоўцаў і татараў пры падтрымцы падмацаванняў, дасланых Пятром I, заняў 5 кастрычніка 1702 г. Быхаў. Восенню 1704 г. руская армія пад камандаваннем Рапніна ачысціла горад ад шведскіх войск і атрадаў Сапегі. 23.06.1706 г. на Дняпроўскім шляху ў Кіеў Пётр I каля Быхава вёў на сваім байдаку перагаворы з камендантам крэпасці Сініцкім аб выкананні ім саюзніцкіх абавязацельстваў у барацьбе супраць шведаў. Каб падмацаваць быхаўскі гарнізон, 24 верасня 1706 г. кароль Аўгуст II, саюзнік Расіі, падпісаў мір са Швецыяй і адрокся ад прастола. На бок стаўленіка шведаў С. Ляшчынскага перайшлі буйныя магнаты Беларусі і Літвы. У 1707 г. Сініцкі адкрыта перайшоў на бок шведскага караля і, зачыніўшыся ў крэпасці, умацаваў абарончыя збудаванні і чакаў падыходу шведаў, а летам 1707 г. ў час вылазкі знішчыў рускі атрад, які вёз 40 тысяч рублёў для літоўскіх атрадаў гетмана М. Вішнявецкага.

Разумеючы, што да Быхава з Прыбалтыкі можа падысці шведскі генерал Левенгаупт, Пётр I загадаў генералу Р.X. Баўэру ўзяць крэпасць. У чэрвені, пасля працяглай аблогі, замак быў узяты. Трапіла ў палон больш за 1000 салдат і афіцэраў. Сініцкага саслалі ў Сібір, з крапасных сцен былі зняты гарматы і па Дняпры адпраўлены ў Кіеў. Для абароны Быхава было пакінута 1451 чалавек на чале з Д. Варанцовым. Камандаванне рускай арміі надавала вялікае значэнне быхаўскай крэпасці і 23 чэрвеня 1708 г. праз рускі ваенны генеральны кансіліум загадала гарнізону «борониться до крайней меры». 13 ліпеня 1708 г. пасля бітвы пад Галоўчынам шведы пачалі штурм Быхава, але ўзяць яго не змаглі. Тады яны паклікалі на дапамогу польскія атрады Сапегі і Хмары і зноў асадзілі горад. Абаронцы не толькі мужна адбіваліся, але і рабілі вылазкі, наносячы ворагу вялікія страты. Сяляне выкарыстоўвалі ўсе магчымасці, каб дапамагчы асаджаным харчаваннем. Камендант горада Варанцоў даносіў Меншыкаву: «Поляки многолюдством в ближних от Быхова местах проезжают и выбирают провиант и приказывают мужикам под страхом смерти, а иных мучат, чтоб до Быхова провиант не возили». Упартая абарона горада спрыяла паспяховым дзеянням рускай арміі ў бітве пры Лясной (28 верасня 1708 г.).

У 1740 г. ў Быхаўскім старостве адбылося антыфеадальнае ўзброенае выступленне сялян. Яно было выклікана жорсткім сацыяльным пры гнётам, злоўжываннямі мясцовай адміністрацыі і ўзмацненнем нацыянальна-рэлігійнага ўціску.

Штуршком да выступлення быў намер М. Сапегі ператварыць праваслаўныя цэрквы ў сваіх уладаннях на Быхаўшчыне ва уніяцкія. Даведаўшыся пра гэта, сяляне і мяшчане мястэчка Дашкаўка (Дашкава) у красавіку 1740 г. забілі уніяцкага пратапопа, які прыехаў сюды, выгналі панскага аканома, перабілі прадстаўнікоў феадальнай адміністрацыі. Сяляне в. Сідаравічы аб'ядналіся з сялянамі навакольных вёсак, наладзілі сувязь з прыгоннымі Магілёускай эканоміі, стварылі ўзброены атрад з 200 чалавек і выступілі супраць прыгнятальнікаў. На задушэнне хваляванняў з Быхаўскага гарнізона 27 красавіка быў пасланы вайсковы атрад на чале з Д. Стахоўскім. Каля в. Сідаравічы сяляне зрабілі засаду, раптоўна атакавалі карнікаў і разграмілі іх. У маі выступленне было задушана, а яго ўдзельнікі жорстка пакараны.

План Быхава канца 18 стагоддзя: 1 — замак, 2 — гандлёвая плошча, 3 — гарадскія ўмацаванні, 4 — Магілёўская брама, 5 — Рагачоўская брама, 6 —царква, 7 — касцёл, 8 — крамы, 9 — сінагога.

У 1747 г. ў Быхаве было 247 двароў, меліся бібліятэка, паташня, лазня, саладоўня, астрог. Насельніцтва групавалася ў мяшчанскай і яўрэй скай абшчынах. За карыстанне зямлёй яны плацілі ўладальніку горада грашовы чынш, выконвалі павіннасці па абслугоўванню крэпасці. У 1755 г. тут было 534 двары, 2522 жыхары, малітоўная школа, 9 гандлёвых радоў, праводзілася 3 кірмашы ў год, склаўся вялікі атрад рамеснікаў — шаўцоў, гарбароў, краўцоў, сталяроў, цесляроў, кавалёў.

У 1784 г. ў в. Езва была наладжана шкляная вытворчасць. Дзейнічалі прыгонныя мануфактуры: у 1789—1832 гг. па вырабу посуду, ліставога шкла ў в. Лубянка (у 1814 г. 18 рабочых), у 1795—1846 гг. па вырабу медных гузікаў у в. Уюн (у 1812 г. 16 рабочых), у 1809-1837 гг. па вытворчасці палатна ў в. Грудзінаўка (у 1830 г. 86 рабочых), у 1813—1846 гг. шкляная ў в. Гута (у 1828 г. 10 рабочых). У фальварку каля в. Сапяжынка ў 1828 г. працавала шкляная гута.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Быхаў у складзе Расійскай імперыі. З 22.7.1773 г. павятовы горад Магілёўскай правінцыі. Да 1776 г. і з 1802 г. цэнтр павета Магілёўскай губерні. У 1796—1802 гг. заштатны горад Беларускай губерні. У 1778 г. зацверджаны план Быхава, паводле якога старажытная ўмацаваная частка горада з замкам і гандлёвай плошчай захавана як цэнтральнае планіровачнае ядро, вакол якога ствараліся новыя кварталы. Былі пракладзены драўляныя тратуары, зроблена вулічнае асвятлен не, устаноўлены гарадскі гадзіннік. У 1781 г. зацверджаны герб Быхава: у верхняй частцы шчыта на залатым полі расійскі двухгаловы арол з каронай, у ніжняй — дзве скрыжаваныя гарматы на чырвоным полі. У 1783 г. ў Быхаве 2622 жыхары, 534 дамы. Дзейнічала школа (па вятовае вучылішча). Далучэнне Быхава да ўсера сійскай гаспадарчай сістэмы, пастановы аб бяспошлінным гандлі (люты 1773), скасаванне таможняў і застаў на граніцы Беларусі з Расіяй (1782), патрэбы будаўніцтва Чарнаморскага фло ту (1779—1787) спрыялі сацыяльна-эканамічнаму развіццю горада. Развівалася рамяство, павялічвалася роля гарадскога кірмашу. У 1785 г. гандлёвы абарот горада склаў 10—14 тысяч рублёў. У 1786 г. ў Быхаве жыло 1132, у 1811 г.— 5 тысяч чалавек.

Сярод іншых населеных пунктаў Быхаўшчыны найболыш буйнымі былі Баркалабава, Новы Быхаў, Балонаў Сялец 1-ы, Балонаў Сялец 2-і, Гарадзец, Абідавічы, Бынава.

 

Вёска Баркалабава заснавана ў 16 стагоддзі, з 1633 г. тут быў манастыр. У 1758 г. мястэчка, 64 двары, 171 жыхар мужчынскага полу, тут меліся саладоўня, бровар, 2 гаспадарскія двары, фальварак. 3 1780 г. сяло, 69 двароў, 465 жыхароў, 2 царквы, 2 млыны, памешчыцкая ўласнасць. У 1884 г. ў манастыры дзейнічала школа, дзе вучылася 20 дзяўчынак. У 1886 г. быў пастаялы двор. У 1897 г. 93 двары, 605 жыхароў, у Глухскай воласці Быхаўскага павета. У 1904 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. У 1909 г. сяло, 110 дамоў, 671 жыхар.

Вёска Новы Быхаў вядома з 16 стагоддзя як мястэчка. Належала Хадкевічам, пазней Сапегам. У 1742 г. мястэчка, 41 двор, у 1758 г. 19 двароў, 6 корчмаў, 3 крамы, сырніца, праводзіўся кірмаш. У 1772 г. 92 двары, 734 жыхары. Мелася царква. У 1858 г. 435 жыхароў мужчынскага полу, цагельны завод, млын, піцейны дом. У 1864 г. адкрыта школа, пры якой у 1873 г. арганізавана рамеснае аддзяленне. У 1897 г. мястэчка, валасны цэнтр, 342 дамы, 2374 жыхары, хлебазапасны магазін (з 1882), 23 крамы, 2 ветранын млыны, 2 карчмы, прыстань, царква, 2 сінагогі, 2-класная царкоўнапрыходская школа.

Вёска Балонаў Сялец 1-ы заснавана ў 18 стагоддзі, у 1858 г. тут было 485 жыхароў мужчынскага полу, у 1831 г. працавалі сукнавальня, вадзяны млын. У 1883 г. сяло ў Глухскай воласці Быхаўскага павета, 164 двары, 1328 жыхароў; у 1897 г. 149 двароў, 877 жыхароў, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін (з 1882), піцейны дом, 2 драўляныя царквы, раз у год праводзіўся кірмаш. У 1909 г. 153 дамы, 944 жыхары.

Вёска Балонаў Сялец 2-і заснавана ў 18 стагоддзі, у 1897 г. тут было 255 двароў. 998 жыхароў, ветраны млын, піцейны дом. У 1905 г. адкрыта казённая вінная крама, у 1907 г,— царкоўнапрыходская школа, у 1910 г.— паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царква. У 1909 г. 164 двары, 1057 жыхароў.

Вёска Гарадзец вядома з 18 стагоддзя, у 1758 г. 60 двароў, 155 жыхароў мужчынскага полу, карчма, млын, пякарня, 2 бровары. У 1780 г. 69 двароў, 514 жыхароў. У 1866 г. адкрыта народнае вучылішча, дзе ў 1889 г. вучылася 30 хлопчыкаў, у 1907 г.— 118 хлопчыкаў і 25 дзяўчынак. У 1897 г. 148 двароў, 921 жыхар, цэнтр воласці ў Быхаўскім павеце. Працавала бальніца, 2 ветраныя млыны, кузня, крама, царква, піцейны дом. У 1909 г. 165 дамоў, 966 жыхароў.

Вёска Абідавічы вядома з 1742 г. ў Быхаўскім графстве як памешчыцкая ўласнасць. У 1758 г. было 39 двароў, 115 жыхароў мужчынскага полу, млын, карчма. У 1780 г. 81 двор, 484 жыхары. У 1897 г. вёска ў Навабыхаўскай воласці Быхаўскага павета, 178 двароў, 1197 жыхароў. Тут былі хлебазапасны магазін, 3 ветраныя млыны, школа граматы, піцейны дом, паштовая станцыя, народнае вучылішча, у якім у 1905 г. вучылася 50 хлопчыкаў і 10 дзяўчы нак. У 1909 г. 132 двары, 1212 жыхароў.

Вёска Бынава вядома з 18 стагоддзя, у 1784 г. 39 двароў, 321 жыхар. У 1897 г. ў Царкоўна-Асавецкай воласці Быхаўскага павета, 45 двароў, 339 жыхароў; у 1909 г. ў Грудзінаўскай воласці Быхаўскага павета, 54 двары, 445 жыхароў.

 

Пераправа 2-й рускай арміі цераз Дняпро ў раёне Новага Быхава. Малюнак мастака Б. Аракчэева. Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Помнік у гонар штаба рускай 2-й Заходняй арміі ў в. Сапяжынка.

Новымі драматычнымі падзеямі адзначана гісторыя Быхава ў час нашэсця Напалеона на Расію. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1812 г. 2-я Заходняя армія генерала П.I. Баграціёна (45 тыс. чалавек) пад націскам намнога большых напалеонаўскіх войск (297 тыс. чалавек) адыходзіла ад Магілёва, каб пераправіцца цераз Дняпро і ў раёне Смаленска злучыцца з 1-й Заходняй арміяй пад камандаваннем М. Б. Барклая дэ То лі. Каб перашкодзіць ажыццяўленню гэтага плана, 1-ы французскі корпус маршала Л. Даву (72 тыс. чалавек) зрабіў спробу адрэзаць рускую армію ад ракі з боку Магілёва і ва ўзаемадзеянні з іншымі часцямі акружыць яе і разграміць. На працягу двух дзён (11 — 12 ліпеня) 7-ы корпус генерал-лейтэнанта Н. М. Раеўскага стрымліваў французаў на поўнач ад Быхава, чым даў магчымасць Баграціёну пераправіцца цераз Дняпро па мосце каля Новага Быхава. Сам жа, ведучы жорсткі бой, адышоў да Быхава і таксама паспяхова перайшоў на левы бераг Дняпра. У час бою штаб 2-й Заходняй арміі пад камандаваннем П.I. Баграціёна размяшчаўся ў в. Сапяжынка, у 1962 г. ў памяць аб гэтай падзеі тут пастаўлена стэла. У выніку Айчыннай вайны 1812 г. колькасць насельніцтва Быхава значна паменшылася і ў 1815 г. складала 3219 чалавек. Горад паступова страціў ролю ваеннай крэпасці і стаў месцам размяшчэння ваенных гарнізонаў. Агульны ўздым гаспадарчага жыцця гарадоў Расіі ў 19 стагоддзі, абумоўлены развіццем капіталістычных адносін, адбіўся і на сацыяльна-эканамічным становішчы Быхава. Побач з рамесніцкімі майстэрнямі мянічан у 1-й чвэрці 19 стагоддзя ўзнікаюць прадпрыемствы вольнанаёмнай працы. У 1816 г. мешчанін Абель Случкін арандаваў у Сапегі суконна-талесную мануфактуру. Прадпрыемства мела 18 станкоў, 84 рабочых. У 1825 г. ў Быхаве было 569 дамоў, 2 навучальныя ўстановы, 8 крам, 13 піцейных дамоў і корчмаў, 3 лазні, 5 садоў, у 1828 г. 5 гаспадарскіх дамоў, магазін, карцінная галерэя.

 

У 1829 г. ў маёнтку Быхава адбыліся хваляванні сялян. Вось як пра гэта сведчаць матэрыялы следчай камісіі ваеннага суда ад 13 чэрвеня 1834 года.

 

Сяляне маёнтка Быхава былі падзелены на тры сотні (сабілаўцы, заюраўцы і белагорцы) і адбывалі прыгон патыднева: кожная сотня выходзіла на работу праз два тыдні. Работы гэтыя выконваліся ў межах горада. Пасля Айчыннай вайны 1812 г. памешчык Сапега павялічыў паншчыну і чынш, прымусіў сялян працаваць па-за горадам. Сяляне адмовіліся выконваць загад панскага аканома. Ні ўгаворы, ні бізуны не дзейнічалі. Раптам разнеслася сярод прыгонных чутка, што быхаўскія сяляне не належаць Сапегу, што трэба адшукаць недзе загінуўшыя дакументы. Вырашылі звярнуцца да цара са скаргай. Адстаўны аўдытар Аўрам Васільеў у 1829 г. на імя Мікалая I напісаў прашэнне «Аб непрыналежнасці быхаўскіх сялян князю Сапегу». Мікалай I распарадзіўся пераслаць прашэнае на разгляд міністру фінансаў. Той накіраваў скаргу камітэту міністраў. Адтуль справу для разбору пераправілі ў міністэрства юстыцыі. А з Сената ўсе матэрыялы былі перададзены ў Магілёўскае губернскае ўпраўленне, а потым паступілі ў Быхаўскі павятовы суд. На разгляд справы спатрэбілася больш двух гадоў. Сяляне абівалі парогі павятовага суда, прасілі паведаміць аб ходзе справы. Давераныя ад прыгонных Фёдар Ждан і Пётр АрлоўскІ, што панеслі ў Магілеўскую губернскую палату скаргу, за ненадпарадкаванне пакараны бізунамі і сасланы ў 1832 г. ў Сібір на пасяленне.

«Цяпер сяляне з просьбай да царскіх чыноўнікаў ідуць ужо гуртам па 20 — 30 чалавек, і выявіць падбухторшчыкаў хвалявання, — піша чыноўнік следства,- ніяк нельга, дух непаслушэнства разліўся па ўсёй грамадзе быхаўскіх сялян».

Па просьбе магілеўскага губернатара ў Быхаў «для прывядзення сялян у паслушэнства мерамі, законам устаноўленымі», прыбыў батальён Віцебскага егерскага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Аносава. Вайсковае і грамадзянскае начальства, склікаўшы ад кожнай сотні па 10 сялян, спрабавала пераканаць іх «на мове, зразумелай іх розуму». Але ўсе скліканыя заявілі, што не стануць слухацца ніякіх улад, пакуль не будуць вернуты высланыя ў Сібір іх давераныя Фёдар Ждан і Петр АрлоўскІ, і што яны абавязаны выконваць падзённыя павіннасці, а не па віннасці эканоміі. Тады скліканыя сяляне і соцкі Мацвей Іваноў былі ўзяты пад варту. Справа аб «смуцьянах» слухалася ў ваенным судзе. Царскія чыноўнікі «вырашылі» яе хутка — удзельнікі хваляванняў былі цяжка пакараны бізунамі, многія з iх сасланы ў Сібір.

 

У 1841 г. ў Быхаве было 5475 жыхароў, 652 дамы, якія размяшчаліся на 19 вуліцах і завулках. У рамесных майстэрнях працавалі 14 краўцоў, 12 шаўцоў, 5 кавалёў, 4 майстры па рамонту гадзіннікаў, 3 слесары, 2 алавяншчыкі і 2 майстры-ювеліры па золату і серабру. У 1837 г. тут былі 42 рамеснікі, а ў 1859 г.— 108. Дзейнічалі талесна-фланелевая фабрыка і гарбарны завод, сыравіна для якіх завозілася з розных месцаў, у тым ліку з Масквы. Аб'ём прадукцыі, рэалізаванай гэтымі прадпрыемствамі ў 1847 г. склаў адпаведна 55 і 50 тыс. рублёў. Гандлем у Быхаве займаліся 13 купцоў 3-й гільдыі, якія рэалізавалі тавараў на 24 тыс. рублёў серабром, у 1858 г. тут гандлявала больш за 100 купцоў 1-й і 2-й гільдыі. Галоўным таварам у гандлі была пянька, якой у 1841 г. прададзена 1690 бяркоўцаў. Значную ро лю ў жыцці горада адыгрываў сялянскі сектар. У канцы 1830-х гадоў ён склаў 26,4 %. У 1847 г. сяляне трымалі 1425 коней, 1450 галоў буйной рагатай жывёлы, 650 авечак, 646 свіней, 350 коз, вырошчвалі жыта, авес, ячмень, займаліся агародніцтвам. Два разы ў год праводзіліся кірмашы, у 1847 г. на кірмашах прададзена тавараў на 700 рублёў.

Рэвалюцыйная сітуацыя канца 1850 — пачатку 1860-х гадоў, абумоўленая крызісам феадальна-прыгонніцкай сістэмы і зараджэннем капіталiстычных адносін, вымусіла царызм у 1861 г. адмяніць прыгоннае права. Але сялянская рэформа не ліквідавала шматлікіх перажыткаў прыгону i не вырашыла аграрнага пытання. Так, у Быхаўскім павеце ў адпаведнасці з устаўнымі граматамі сялянам адводзілася 59,5 тысячы дзесяцін зямлі супраць 68,8 тысяч, якімі яны карысталіся напярэдадні рэформы. Рабаўніцкі характар рэформы выклікаў шырокі сялянскі рух. 15 ліпеня 1801 г. сяляне памешчыка Сямкоўскага, маёнтак якога знаходзіўся ў вёсцы Лазаравічы, адмовіліся ад выканання павіннасцей і аказалі супраціўленне паліцыі. Для задушэння выступлення ў маёнтак прыбыла каманда ўзброеных салдат. У кастрычніку адмовіліся выконваць павіннасці ў карысць намешчыцы Ганіпроўскай 112 сялян вёскі Збышына, але і гэта выступленне было задушана царскімі ўладамі. У 1864 г. сяляне з в. Новы Быхаў самавольна пасеклі памешчыцкі лес.

У час паўстання 1863—1864 гг. у Полынчы, Літве і на Беларусі на тэрыторыі павета ў красавіку — маі 1863 г. дзейнічаў Быхаўскі паўстанцкі атрад на чале з I. Анцыпам. Паўстанцы грамілі памешчыцкія сядзібы, валасныя ўправы, знішчалі іх дакументы, уступалі ў сутычкі з атрадамі царскіх войск. 6 чэрвеня 1863 г. па прыгавору ваенна-судовай камісіі ў Магілёве I.Анцыпа быў расстраляны.

Пасля адмены прыгоннага права, з развіццём капіталізму, адзначана паступовае сацыяльна-эканамічнае развіццё Быхава і навета. У 1861 г. на быхаўскім гарбарным заводзе працавала 60 рабочых і выраблялася 65 тысяч адзінак прадукцыі, насельніцтва горада ў 1863 г. склала 5879 чала век. У канцы 1860-х гадоў Быхаў падзяляўся на 4 часткі: цэнтральную, заселеную гарадскім саслоўем, і 3 сялянскія слабады — Белагорскую, Загор'еўскую і Сабілаўскую, з насельніцтвам 5985 чалавек. Гаспадаркай і справамі гараджан займаліся гарадская ратуша, сіроцкі і славесны суды, гарадскі дэпутацкі сход і кватэрная камісія. Паводле плана Быхава, распрацаванага ў 1778 г., старажытная ўмацаваная частка горада была захавана як планіровачнае ядро, вакол якога вялася новая забудова. Вулічную сетку горада складалі 19 незабрукаваных вуліц, на галоўных з іх у 1876 г. былі пракладзены дашчатыя тратуары, а ў 1878 г. ўстаноўлены газавыя ліхтары. У 1879 г. з'явіўся гарадскі гадзіннік, была набыта пажарная машына, у 1882 г. пры паштовай канторы адкрыта тэлеграфная станцыя. З 1872 г. дзейнічала метэаралагічная станцыя Паўночна-Заходняга аддзела рускага імператарскага геаграфічнага таварыства.

3-за адсутнасці водаправода жыхары карысталіся вадой з 4 калодзежаў і з ракі. На пачатак 1880-х гадоў плошча горада складала 3820 дзесяцін. Працавалі 2 прадпрыемствы па вырабу за палак і цэглы, крупадзёрка, 4 ветраныя млыны, 84 крамы, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малель ных школ, 2-класнае павятовае і прыходскае з жаночай зменай вучылішчы, у якіх працавала 8 настаўнікаў. Да канца 19 стагоддзя Быхаў заставаўся невялікім павятовым горадам са слаба развітай прамысловасцю і поўнай адсутнасцю камунальнай гаспадаркі. У 1897 г. тут жылі 6400 чалавек (36,2 % пісьменных), было 1133 гаспадаркі, з іх 1127 прыватнаўласніцкіх.

У Быхаўскім павеце адкрываліся вінакурныя, дзягцярныя, смолашкіпінарныя, цагельныя, лесапільныя прадпрыемствы. 3 1874 г. ў маёнтку Сарочына працаваў вінакурны завод, у 1895 г. тут было 9 рабочых, мелася паравая машына, з 1878 г. вінакурны завод дзейнічаў у в. Грудзінаўка (у 1913 г. 8 рабочых). У 1874 г. ў в. Следзюкі заснаваны смалакурны (у 1881 г. 11 рабочых), у 1881 г. ў в. Радзькаў — дзягцярны і смолашкіпінарны заводы (6 рабочых), у 1881 г. ў вёсках Вець і Ніканавічы — цагельныя заводы. 3 1890 г. ў в.Дунаёк працаваў вінакурны завод (у 1895 г. 6 рабочых), дзе мелася паравая машына. У 1897 г. Александрынскі шклозавод у в. Ветранка вырабляў аптэкарскае і лямпавае шкло, посуд, шкляныя дэкаратыўныя ўпрыгожанні. У 1900 г. тут працавала 77, у 1913—86 рабочых. У в. Баркалабава дзейнічала медзеплавільнае прадпрыемства (у 1898 г. 50 рабочых), лесапільны завод (у 1898 г. 50 рабочых), 2 вінакурныя заводы. Развіццю гандлю спрыяла правядзенне кірмашоў і таржкоў. У в. Язвы (з 1964 г. в. Усходняя) у 1897 г. кірмашы праводзіліся тры разы на год, штогод 13 мая ў в. Грудзінаўка праводзіўся таржок. У пачатку 20 ст. адкрываліся новыя заводы: у 1902 г. вінакурны ў в. Радзькава Слабада (у 1913 г. 8 рабочых), у 1903 г. смалакурны ў в. Тошчыца, у 1903 г. лесапільны ў в. Верхняя Тошчыца (у 1913 г. 30 рабочых, быў рухавік магутнасцю 45 конскіх сіл), у 1911 г. ў в. Тошчыца лесапільны і іншыя. У некаторых вёсках павета будаваліся паравыя або ветраныя млыны, існавалі сукнавальні, кузні.

Агульны выгляд Быхава з боку Дняпра. Ілюстрацыя з кнігі «Россия: Полное географическое описание нашего отечества». Т. 9. Спб., 1905.

Значныя змены адбыліся ў жыцці Быхава ў пачатку 20 стагоддзя. Расло насельніцтва горада, павялічылася колькасць прамысловых прадпрыемстваў з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Працэс развіцця капіталістычных адносін суправаджаўся ўзмацненнем эканамічнага ўціску рабочых, ростам іх рэвалюцыйнай свядомасці. У1902 г. з увядзеннем у эксплуатацыю чыгункі Магілёў — Жлобін Быхаў стаў чыгуначнай станцыяй. Паляпшэнне шляхоў зносін садзейнічала ажыўленню гандлёвай дзейнасці. 3 ёй былі звязаны 4 аддзяленні дзяржаўныхашчадных кас і банкаў, 5 страхавых агентаў, натарыяльная кантора. Тут адбываўся адзін з буйнейшых кірмашоў з гадавым абаротам у 250 тысяч рублёў.

У 1904 г. ў Быхаве было 7270 жыхароў. Працавалі заводы па вырабу скур і мыла, 3 крупадзёркі, 2 маслабойні, 4 ветраныя млыны, 4 панчошныя прадпрыемствы. Усяго было 39 прадпрыемстваў, на якіх працавалі 57 рабочых. Імі выраблена прадукцыі на 9,1 тысячы рублёў. Колькасць рамесніцкіх прадпрыемстваў павялічылася да 162, на іх было занята 670 рамеснікаў. Мянялася і аблічча горада, тут было 974 дамы, з іх 3 мураваныя, 4 гасцініцы, 10 пастаялых двароў, 12 корчмаў, харчэўняў і чайных, колькасць ліхтароў на вуліцах павялічылася да 70. На пачатак 20 стагоддзя ў горадзе меліся 3 пачатковыя навучальныя ўстановы (7 настаўнікаў, 707 вучняў), 2 прыватныя школы, друкарня, фотамайстэрня, бальніца на 12 месцаў, 2 прыёмныя пакоі, аптэка, 4 аптэчныя крамы. Працавалі 3 урачы, 2 акушэркі, 3 фельчары, 1 ветэрынар. На аднаго ўрача прыпадала 2423 жыхары.

Становішча сялянства ў вёсках Быхаўскага павета працягвала заставацца вельмі цяжкім. Беззямелле і галеча вымушалі многіх сялян прасіць дазволу на перасяленне ў аддаленыя раёны Расіі. Так, у ліпені 1896 г. 28 сялянскіх сем'яў (127 чалавек) з вёскі Палкі вырашылі перасяліцца ў Сяміпалацінскую губерню. 15 сямей былі беззямельнымі і перабіваліся выпадковымі заробкамі, і царскі ўрад адмовіў ім у перасяленні, бо яны не мелі для гэтага ніякіх сродкаў. Многа сялянскай беднаты з вёскі Палянінавічы перасялілася ў Іркуцкую губерню.

3 развіццём капіталізму і пераходам яго ў стадыю імперыялізму абвастрылася класавая барацьба. У 1899 г. сяляне з в. Новы Быхаў захапілі 40 дзесяцін памешчыцкай зямлі, адбыліся сутычкі з паліцыяй, у в. Ветранка ўспыхнула забастоўка на шклозаводзе. Гэта быў першы крок рабочага руху ў павеце.

Прамысловы крызіс 1900—1905 гг. выклікаў узмацненне капіталістычнай эксплуатацыі рамеснікаў і рабочых. Заработная плата рабочых на прадпрыемствах Быхава складала ў дзень усяго 50—100 капеек у мужчын і 25—70 капеек у жанчын.

Эканамічны прыгнёт і палітычнае бяспраўе ўзмацнілі народнае супраціўленне самадзяржаўю. У маі — чэрвені 1900 г. пад кіраўніцтвам студэнта Харкаўскага універсітэта У. Я. Бабкова (ураджэнец г. Быхава) была створана сацыял-дэмакратычная група, пад уплывам якой у жніўні — верасні 1900 г. адбыліся першыя ў горадзе эканамічныя забастоўкі. У лістападзе 1902 г. адбылася стачка краўцоў, у пачатку 1903 г.— першая вулічная дэманстрацыя, летам 1903 г.— стачка рабочых, у снежні 1903 г. — масоўка, прысвечаная памяці дзекабрыстаў.У 1904 г. створана Быхаўская арганізацыя РСДРП, якая ўваходзіла ў Палескі камітэт. Пад уплывам яе дзейнасці восенню 1904 г. адбылося хваляванне прызыўнікоў на прызыўным пункце ў Быхаве супраць руска-японскай вайны і царскага самадзяржаўя. Хваляванне суправаджалася сутычкамі з паліцыяй і казакамі. Для кіраўніцтва рэвалюцыйным рухам у павеце пры Быхаўскай арганізацыі РСДРП была створана сялянская група РСДРП.

Працоўныя Быхаўшчыны актыўна ўдзельнічалі ў першай Расійскай рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. Расстрэл рабочых 9 студзеня 1905 г. ў Пецярбургу выклікаў абурэнне народа. Пад кіраўніцтвам мясцовай арганізацыі РСДРП у павеце пачаліся стачкі і палітычныя дэманстрацыі пратэсту супраць крывавага злачынства царызму. У студзені — лютым прайшлі нелегальныя рэвалюцыйныя сходы сялян у вёсках Мокрае, Трасцівец, Сядзіч. Група сялян з вёскі Трасцівец была арыштавана і пасаджана ў Магілёўскую турму. 8 сакавіка 1905 г. рабочыя Быхава явачным парадкам увялі 8-гадзінны рабочы дзень, а 26 сакавіка арганізавалі маніфестацыю, у якой прынялі ўдзел болыш за 100 чалавек. 18 красавіка ў Быхаве аб'явілі забастоўку ўсе рабочыя і рамеснікі. 9 ліпеня адбылася масавая дэманстрацыя ў памяць ахвяр «крывавай нядзелі». Сялянская група пры Быхаўскай арганізацыі РСДРП надрукавала пракламацыю, у якой заклікала вяскоўцаў сумесна з гарадскімі рабочымі на барацьбу за звяржэнне царызму. Вялікую агітацыйную работу сярод землякоў праводзіў член РСДРП, селянін з вёскі Сядзіч, няўлоўны агітатар Апанас Пракопавіч Самалётаў. Актыўнымі байцамі рэвалюцыі былі жыхар вёскі Трасцівец Іван Міхайлавіч Баранкевіч, ураджэнец вёскі Грудзінаўка Аляксандр Апанасавіч Мазураў, які прымаў удзел у паўстанні на браняносцы «Пацёмкін».

Каб стрымаць рэвалюцыйны рух, раскалоць лагер рэвалюцыі, царскі ўрад пачаў выкарыстоўваць палітыку лавіравання. 6 жніўня 1905 г. быў апублікаваны маніфест «Аб заснаванні Дзяржаўнай думы». Пры выбарах у Дзяржаўную думу царскі ўрад зрабіў усё, каб не дапусціць у яе апазіцыйныя элементы. Вось што пісала газета «Русь» у нумары ад 1 лютага 1907 г. ў артыкуле «Злоўжыванні на выбарах у 2-ю Дзяржаўную думу ў гор. Быхаве»: «На выбарах у гарадскім з'ездзе ў Быхаве вялікія злоўжыванні. Выбаршчыкам не былі разасланы павесткі, на тарыяльныя пасведчанні асобы не прымаліся, спраўнік Мізгайла ўвесь дзень выбараў быў унутры памяшкання для выбараў і адкрыта там агітаваў за «истиннорусского» Скібінскага. Там жа паліцэйскімі пісаліся пасведчанні асобы і ўручаліся запоўненыя бюлетэні. Выбраны член «Саюза рускага народа» Скібінскі. Насельніцтва раёна абурана самавольствамі...» Працоўныя масы ўсё больш пераконваліся ў ашуканстве цара і рашуча выступалі супраць самадзяржаўя, шырыўся аграрны рух. Сяляне выязджалі ў памешчыцкія лясы і вывозілі бярвенне на вачах у памешчыкаў і ўласнікаў маёнткаў, аказвалі адкрытае супраціўленне лясной ахове і чынам паліцыі. Для задушэння аграрнага руху ў Быхаўскі павет была накіравана з Магілёва рота ўзброеных салдат. У 1905—1907 гг. найболыш буйныя хваляванні адбыліся ў панскіх маёнтках Эйхельмана, Малашыцкай, Манкевіч, у вёсках Мокрае, Сядзіч, Тайманава, Камарычы. У час узброенай сутычкі сялян вёскі Мокрае з паліцыяй быў забіты 22-гадовы селянін Аляксандр Рудкоўскі.

23-снежня 1905 г. сяляне з в. Мокрае зрабілі недазволеную высечку памешчыцкага лесу, у маёнтку Сарочына збілі леснікоў і аканома. 5 студзеня 1906 г. яны зноў высеклі памешчыцкі лес, пры спробе адняць яго адбыліся сутычкі з па ліцыяй. У ліпені 1906 г. на вясковых сходах у вёсках Мокрае і Тайманава выступаў дэпутат 1-й Дзяржаўнай думы Ф. Буслаў, які пазнаёміў сялян з дзейнасцю членаў Думы па сялянскім пытанні і заклікаў іх падтрымаць партыю трудавікоў. Летам 1906 г. сяляне з в. Мокрае адмовіліся плаціць грошы грудзінаўскай памешчыцы Талстой і лудчыцкім памешчыкам Есманам за арандаваныя на скос лугі. У жніўні 1906 г. разам з сялянамі з в. Следзюкі яны абяззброілі групу лугавых вартаўнікоў памешчыцы Талстой каля Крывога возера. Графіня Талстая у адказ на гэта павялічыла штрафы за патравы атавы на лугах. Восенню 1906 г. 12 стагоў памешчыцкага сена на прыдняпроўскім лузе спалены сялянамі з в. Мокрае. У кастрычніку 1905 г. ў в. Сядзіч была наладжана антыўрадавая агітацыя, у студзені 1906 г. пры арышце агітатара адбыліся сутычкі сялян з паліцыяй. У чэрвені — ліпені 1906 г. з-за нізкай аплаты працы рабочыя з Сядзіч адказаліся працаваць на памешчыка. Восенню 1907 г. на прыдняпроўскім лузе супраць в. Сядзіч сяляне спалілі памешчыцкі хлеў з жывёлай. Вінаватыя ў падпале паліцыяй не выяўлены. Графіня Талстая была вымушана адмяніць штрафы за патраву атавы. 30 снежня 1905 г. сяляне з в. Тайманава самавольна пасеклі памешчыцкі лес. У снежні 1905 г. ў вёсцы былі распаўсюджаны лістоўкі сялянскай групы пры Магілёўскай арганізацыі РСДРП. У сакавіку 1906 г. сяляне зноў пасеклі памешчыцкі лес, а 26 чэрвеня 1906 г. не згадзіліся на памешчыцкія ўмовы аплаты працы, забаставалі. Самавольныя высечкі памешчыцкага лесу адбыліся ў сакавіку 1905 г. ў вёсках Абідавічы і Усохі, у в. Усохі лес быў вывезены на 130 падводах.

У ліпені 1905 г. ў в. Прыберажжа адбыліся хваляванні сельскагаспадарчых рабочых, якія патрабавалі ад памешчыка паляпшэння харчавання. 26 чэрвеня 1906 г. сяляне-падзёншчыкі з в. Сялец адмовіліся працаваць у в. Букоўе, бо памешчык не заплаціў ім па раней дагаворанай згодзе. У кастрычніку 1906 г. сяляне з в. Глухі адмовіліся выконваць падводную павіннасць, вясковы сход зняў валаснога старшыню і выбраў новага.

У 1907 г. рэвалюцыйны рух у павеце, як і па ўсёй краіне, праходзіў ва ўмовах усё болышага ўрадавага тэрору. Рэвалюцыя была задушана. Пасля яе паражэння капіталісты і памешчыкі ўзмацнілі наступленне на рабочы клас і сялянства. Была зніжана зарплата, падоўжаны рабочы дзень, павялічыліся штрафы. У панскім ярме задыхалася сялянства. Велізарным цяжарам на яго плечы клаліся падаткі. За сялянамі накапіліся шматлікія нядоімкі. Каб спагнаць іх, улады апісвалі і прадавалі маёмасць і жывёлу сялян з таргоў.

Царскі ўрад намагаўся ўмацаваць сваю сацыяльную апору на месцах. Гэтаму павінна была паслужыць сталыпінская аграрная рэформа. У выніку яе правядзення ў 1911 г. 135 230 дзесяцін лепшай зямлі ў павеце апынуліся ў руках па мешчыкаў, кулакоў, 1792 сялянскія гаспадаркі не мелі коней (1912). Па закліку сялянскай групы пры Быхаўскай арганізацыі РСДРП сяляне павета ўзмацнілі барацьбу супраць землеўладальнікаў, адмаўляліся пакінуць сельскую абшчыну і выходзіць на хутары (у 1913 г. сяляне вёскі Вялікія Боўкі Быхаўскагапавета адмовіліся ад прыняцця прыгавору аб развёрстцы зямлі пад хутары).

У 1911 г. ў Быхаве было 39 прамысловых прадпрыемстваў, дае працавала 69 рабочых, 6 на вучальных устаноў, у ліку якіх трохкласнае гарадское вучылішча, ніжэйшае рамеснае вучылішча, прыходскае мужчынскае і жаночае вучылішчы, 2 царкоўнапрыходскія школы, ва ўсіх гэтых установах навучалася 646 дзяцей. У 1913 г. — 8,1 тысячы жыхароў, адкрыты першы кінатэатр (Тэатр мастацтваў). У 1916 г. закончана будаўніцтва маста цераз Дняпро. Новае пагоршанне эканамічнага становішча працоўных і ўзмацненне рэвалюцыйнага руху выклікала першая сусветная вайна. Пратэстам супраць вайны сталі ўцёкі салдат з фронту. У 1916 г. ў Быхаве былі затрыманы 24 чалавекі ніжніх чыноў. У студзені 1917 г. іх колькасць павялічылася да 65.

Шырокі водгук у Быхаве знайшлі падзеі Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе. У горадзе пракацілася хваля мітынгаў і дэманстрацый. Балынавіцкія ідэі сталі пранікаць у асяроддзе Быхаўскага гарнізона.

1 сакавіка 1917 г. Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэнутатаў выдаў загад № 1 аб выбранні салдацкіх камітэтаў ва ўсіх вайсковых часцях і падраздзяленнях. 7 сакавіка 1917 г. салдаты размешчаных паблізу Быхава палкоў разграмілі гарадскую турму і вызвалілі палітзняволеных, арганізавалі дэманстрацыю. Быў выбраны камітэт рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Па яго пастанове ў сакавіку 1917 г. былі арыштаваны амаль усе камандзіры часцей мясцовага гарнізона. У красавіку 1917 г. Быхаўская арганізацыя РСДРП звярнуласяз адозвай да салдат падтрымаць Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У адказ 8 тысяч салдат 3-га Унжынскага і 112-га Калагрыўскага палкоў увайшлі ў горад і вызвалілі з турмы 7 бальшавікоў — упаўнаважаных Петраградскага Савета, прыгавораных за рэвалюцыйную агітацыю да пакарання смерцю. Быў выбраны гарадскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у склад якога ўвайшлі 7 упаўнаважаных Петраградскага Савета, прадстаўнікі часцей гарнізона і гараджан.

11 мая 1917 г. ў Быхаве адбылася дэманстрацыя, арганізаваная пасланцамі рэвалюцыйнага Балтыйскага флоту М. Л. Рудкоўскім (ураджэнец в. Мокрае) і Д. Р. Емяльянавым-Елкіным (ураджэнец в. Сядзіч). Дэманстранты патрабавалі хлеба, міру і свабоды, разбурылі помнік Аляксандру II і вывесілі чырвоны сцяг.

Пасля ліпеньскага 1917 г. расстрэлу ў Петраградзе і пераходу ўлады да Часовага ўрада Быхаўскі Савет быў разагнаны, рэвалюцыйныя вайсковыя часці гарнізона раззброены і адпраўлены на фронт. На сходзе Быхаўскага павятовага зямельнага камітэта была выбрана павятовая зямельная ўправа. Старшынёй яе стаў эсэр А. Ц. Вазіла, а членамі яго бліжэйшыя паплечнікі А. Е. Буслаў, Н. Т. Антонаў. У павеце актывізаваліся розныя буржуазна-рэфармісцкія і нацыяналістычныя партыі. Буйныя памешчыкі Есманы, Радкевічы, Фрэймарк, Сазановіч і іншыя стварылі свой «Саюз зямельных уласнікаў» пад старшынствам памешчыка К. Я. Есмана, павятовым камісарам быў назначаны памешчык В.I. Есман. Яны імкнуліся не дапусціць размеркавання сялянамі панскіх, царкоўных і манастырскіх зямель.

Пад уздзеяннем бальшавіцкай агітацыі рабочыя і сяляне Быхава разагналі зямельную ўправу з прадстаўнікоў буржуазіі і сталі самастойна вырашаць зямельныя пытанні на сваю карысць. Яны раздзялілі зямлю памешчыка Грускоўскага, сенажаці ў пойме Дняпра братоў Радкевічаў, Есмана, графіні Талстой, Буйніцкага манастыра, Быхаўскай троіцкай царквы.

На час карнілаўскага мяцяжу ў Быхаве дзейнічаў надзвычайны орган па арганізацыі адпору мяцежнікам. 3 дапамогай рэвалюцыйных салдат і рабочых чыгуначнікаў ён сарваў спробы контррэвалюцыі выкарыстаць чыгуначную станцыю для адпраўкі войск у Петраград і Маскву. Да 13 верасня 1917 г. карнілаўшчына была разгромлена. Генералы Карнілаў, Лукомскі, Маркаў, Раманоўскі, Дзянікін, Эрдэлі і іншыя былі арыштаваны і зняволены, як было паведамлена, у быхаўскую турму. На самай жа справе генералы знаходзіліся не ў турме, а ў памяшканні былой жаночай гімназіі.

Разгром карнілаўскага мяцяжу карэнным чынам змяніў становішча ў краіне. Бальшавікі сваёй нястомнай работай пераконвалі народ у тым, што выратаванне краіны ў ліквідацыі антынароднага Часовага ўрада. У Быхаўскім павеце вялікую работу ў гэты час праводзілі М. Л. Рудкоўскі, Д. Р. Емяльянаў-Елкін, С. К. Дзергачоў і іншыя. Яны растлумачвалі бядняцкім масам бальшавіцкую праграму, заклікалі іх браць уладу ў свае рукі. Набліжалася сацыялістычная рэвалюцыя.

Г. Е. Барысаў, В. М. Удальцоў.

_______________________________________________________

Памяць. Историко-документальная хроника Быховского района. 1990г.

_______________________________________________________

 вернуться к списку статей 

поделиться в

 

^^ вверх ^^

Hosted by uCoz

© Старовойтов С.В.