История || Прафесар з сялян

 

 

Прафесар з сялян

 

Іерафей Васілевіч Касценіч нарадзіўся 04.10.1854г. ў в. Мужычкі Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер в. Азёрная Хоцімскага р-на) у сям'і панскага кухара. Потым бацькі пераехалі на Быхаўшчыну ў в. Царкоўны Асавец (зараз Чырвоны Асавец). Пасля сканчэння Магілёўскай гімназіі паступіў у Пецярбургскі універсітэт на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Шлях да навукі быў цяжкім. Час збярог прашэнне I.В. Касценіча на імя дэкана факультэта. У ім студэнт-першакурснік прасіў назначыць стыпендыю, так як іншых сродкаў для далейшай вучобы ў яго не было. Зазначыў таксама, што ў канцылярыі універсітэта ёсць яго пасведчанне аб беднасці. Адказ атрымаў просты: за недахопам ліміту адказаць. Усё ж у 1880 г. I.В. Касценіч скончыў універсітэт са ступенню кандыдата і залатым медалём і стаў тут жа працаваць лабарантам фізіялагічнай лабараторыі. Адначасова паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію. У 1884 г. паспяхова здаў экзамен на званне ўрача, сваёй спецыяльнасцю абраў афтальмалогію. У 1887 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Развіццё колбачак і палачак і вонкавага ядзернага слоя ў зародку чалавека», якая была адной з першых айчынных работ па гэтым пытанні. У 1890 г. на канферэнцыі Ваенна-медыцынскай акадэміі I.В. Касценіча выбралі стыпендыятам Я.В. Віліе і накіравалі ў Францыю, Германію і Аўстрыю для далейшага ўдасканалення па афтальмалогіі. Восенню 1893 г. вярнуўся з-за мяжы і здаў экзамен на званне клінічнага прафесара, быў прызначаны загадчыкам вочнага аддзялення Уяздоўскага шпіталю ў Варшаве. Адначасова кіраваў Варшаўскім акруговым упраўленнем Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа. У 1897 г. саветам Варшаўскага універсітэта быў выбраны экстраардынарным прафесарам кафедры афтальмалогіі. У 1900 г. пераведзены ў Пецярбург на пасаду клінічнага прафесара Мікалаеўскага ваеннага шпіталю. Адначасова ўзначальваў кафедру афтальмалогіі ў Пецярбургскім клінічным інстытуце. У хуткім часе быў прызначаны таксама дырэктарам Пецярбургскай вочнай лячэбніцы ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі, дзе працаваў да апошніх дзён свайго жыцця. Памёр 24.12.1905 г.

Абелiск на магіле I.В. Касценіча ў вёсцы Чырвоны Асавец

Праз усё жыццё пранёс Іерафей Васілевіч сваю любоў і павагу да родных мясцін, да працоўнага народа. Асноўным дэвізам яго жыцця была праца дзеля справы, а не дзеля асобы. Гэта асабліва яскрава праявілася ў час яго работы на Беларусі. Пасля сканчэння Ваенна-медыцынскай акадэміі з 1884 г. ён штогод летам прыязджаў у вёску Царкоўны Асавец. У час адпачынку аказваў бясплатную медыцынскую дапамогу землякам.

У Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе захоўваюцца цікавыя дакументы, якія сведчаць пра ўрачэбную дзейнасць I.В. Касценіча. У адным з іх адзначалася, што за два месяцы 1894 г. ў Рыжкаўскім амбулаторным пакоі і ў сябе дома I.В. Касценічам было прынята 3092 хворых, аперацыйную дапамогу атрымалі 477 чалавек, з іх больш як 200 былі зроблены складаныя аперацыі на вачах.

Прафесар I.В. Касценіч падтрымліваў ідэю аказання хоць бы часовай дапамогі хворым. 3 1893 г. "Апякунства сляпых" пачало накіроўваць на тэрыторыю Беларусі лятучыя атрады акулістаў. I.В. Касценіч патрабаваў далучэння да работы ў іх сельскіх урачоў, сам рыхтаваў медыкаў да аказання афтальмалагічнай дапамогі. Адзін з атрадаў дзейнічаў пад яго кіраўніцтвам у Быхаўскім павеце з 20 чэрвеня да 18 жніўня 1895 г. Прыёмная для хворых знаходзілася ў Царкоўным Асаўцы. У в. Рыжкаўка прымалі хворых на вочы з болыш цяжкімі захворваннямі і пасля аперацый на павеках. Дапамога была аказана болыш як 5 тысячам хворых. Працаваць даводзілася шмат. Амаль штодзённа прыём вялі з 7 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара, пасля рабілі перавязкі аперыраваным. Як успамінаў I.В. Касценіч, не было куточка ў Быхаўскім, Чавускім і ў палове Магілёўскага паветаў, адкуль бы не прыходзілі хворыя. Людзі дабіраліся з Мінскай і Смаленскай губерняў, часам за 150-170 вёрст. Дапамога аказвалася бясплатна. Толькі на лячэнне аперыраваных хворых I.В. Касценіч прасіў "Апякунства сляпых" выдзеліць 200 рублёў. Грошы ішлі ў асноўным на паляпшэнне харчавання пацыентаў. За шматгранную і актыўную работу ў вочных атрадах на тэрыторыі Магілёўскай губерні на працягу больш як 12 год I.В. Касценіч атрымаў спецыяльны ўзнагародны знак Апякунства. Да прафесара нярэдка звярталіся за дапамогай хворыя, якія беспаспяхова лячыліся ў буйных замежных спецыялістаў. Зімой 1903 г. I.В. Касценіч бліскуча зрабіў аперацыю на воку славутаму хіміку Дзмітрыю Іванавічу Мендзялееву, зрок якога хутка аднавіўся.

Урачэбная дзейнасць I.В. Касценіча вызначалася пастаяннымі творчымі пошукамі новага, самаахвярным служэннем прафесійнаму абавязку, народу. Ім напісана больш як 20 навуковых прац, прысвечаных тэарэтычным і практычным пытанням медыцыны. Частка іх надрукавана на французскай, нямецкай, англійскай мовах і мае цікавасць для сучаснай медыцыны. Да апошніх дзён жыцця I.В. Касценіч служыў народу. Штотыднёвік «Русский врач» (1906. № 12.1 С. 379) у некралогу I.В. Касценічу адзначаў: «Печальная весть, распространяясь среди лиц, сталкивавшихся с покойным, вызывала неизменно чувство глубокой скорби, особенно ярко выражавшейся среди его многочисленных учеников. За свою приблизительно 10-летнюю профессорскую деятельность, протекавшую преимущественно среди товарищей врачей в качестве слушателей, покойный отдавал любимому делу все свои силы, обширные познания и опытность, приобретенные им с таким трудом путем продолжительной и тщательной подготовки... Теплое, живое отношение к своим слушателям, стремление поделиться с ними своим опытом и знанием с первого же раза устанавливало между учителем н учениками ту необходимую связь, без которой невозможно успешное ведение дела. Непрерывная, напряженная работа подорвала силы И.В. Костенича. Перенеся в течение зимы 1904 г. несколько сухих плевритов, покойный в декабре того же года слег в постель вследствие весьма бурно начавшегося воспалнтельного процесса в легких, перешедшего затем в гнойный плеврит... После изсечення нескольких ребер Иерофей Васильевич поправился настолько, что мог отправиться на юг Франции. Возвратившись в Петербург летом 1905 г., он вступил в исполнение своих обязанностей... В октябре 1905 г. он слег окончательно в постель... Преждевременная кончина явилась тяжелым ударом для всех близких к нему лиц».

Памёр I.В Касценіч у Пецярбургу, пакінуўшы запавет пахаваць яго на роднай Быхаўшчыне. У апошні шлях свайго любімага доктара праводзілі жыхары Магілёва, навакольных вёсак. Гэту грандыёзную працэсію бачыў 10-гадовы хлапчук, жыхар в. Царкоўны Асавец Восіп Сямёнавіч Ярошка. Праз гады пранёс ён памяць аб I.В. Касценічу. Па яго прапанове і хадайніцтву Беларускага таварыства афтальмолагаў у 1964 г. на магіле I.В. Касценіча ў в. Чырвоны Асавец пастаўлены абеліск.

_______________________________________________________

Памяць. Историко-документальная хроника Быховского района. 1990г.

_______________________________________________________

 вернуться к списку статей 

 

поделиться в

Hosted by uCoz

© Старовойтов С.В.