История || Краткая история нашей деревни Давыдовичи

 

 

ДАВЫДАВIЧЫ - вёска ў Грудзiнаўскiм сельскiм савете, за 34 км на паўночным усходзе ад горада i чыгуначнай станцыi Быхаў, 40 км ад Магiлёва. На паўночным усходзе рэчка Будлянка. Транспартныя сувязi па дарозе праз вёскi Чырвоны Асавец, Грудзiнаўка, Гадылёва i далей па шашы Санкт-Пецярбург - Адэса. Паводле звестак 2007 года - 42 гаспадаркi, 60 жыхароў.

Вядома з пачатку 17 стагоддзя. У 1742 годзе 36 двароў, дзейнiчала карчма. У 1780 годзе 45 двароў, у 1858 годзе 145 жыхароў мужчынскага полу. У 1880 годзе 65 двароў, 342 жыхары, частка з iх займалася кавальскiм, сталярным, бандарным i шавецкiм промыслам; працаваў хлебазапасны магазiн. У 1897 годзе 77 двароў, 553 жыхары, складзе Давыдавiцкай сельскай абшчыны Царкоўнаасавецкай воласцi Быхаўскага павета. Мелася школа граматы, якая ў 1908 годзе ператворана ў царкоўна-прыходскую. На пачатку 20 стагоддзя 84 двары, 715 жыхароў, у складзе Грудзiнаўскай воласцi Быхаўскага павета. У 20-я годы 20 стагоддзя ў вёсцы 2 ветраныя млыны, школа на лiквiдацыi непiсьменнасцi сярод дарослых, працавала школа 1-й ступенi, у якой у 1925 годзе займалiся 42 вучнi. У 1926 годзе 133 двары, 696 жыхароў. У 1930 годзе арганiзаваны калгас «Новае жыццё» (у 1932 годзе аб'ядноўваў 22 гаспадаркi, меў 105га ворыва, ветраны млын, кузню, ваўначоску). У Вялiкую Айчынную вайну з лiпеня 1941 года да лiпеня 1944 года акупiравана нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi, якiя ў чэрвенi 1942 года спалiлi 27 двароў, загубiлi 163 жыхары. Пасля вайны адбудавана. У 1982 годзе 137 гаспадарак, 212 жыхароў, у складзе саўгаса «Грудзiнаўскi» (цэнтр — в. Грудзiнаўка). У канцы 20 стагоддзя ў вёсцы працавалi фiлiял саўгаса, клуб, магазiн, бiблiятэка. Планiровачна складаецца з вулiцы, выцягнутай паралельна да берага ракi з паўночнага захаду на паўдневы усход, якую перакрыжоўваюць другарадныя вулiцы. Забудова шчыльная, двухбаковая, сядзiбнага тыпу.

______________________________________________________

 

Гарады i вёскi Беларусi: Энцыклапедыя. Т 5. кн.1. Магiлёўская вобласць / рэдкал.: Г.П.Пашкоў (дырэктар) [i iнш.] — Мiнск: Беларус. Энцыкл. Iмя П.Броўкi. — 2008. — 728 с.: iл.

Спасибо potapу за предоставленный материал

______________________________________________________

 вернуться к списку статей 

 

поделиться в

Hosted by uCoz

© Старовойтов С.В.