История || Страницы истории деревни "Грудиновка"

 

 

На паўночным усходе Быхаўскага раёну, у 33 км ад Быхава, знаходзiцца вёска Грудзiнаўка – маляўнiчы куток беларускай зямлi з залатымi палямi збажыны, цёмна-зялёнымi яловымi i сасновымi барамi, блакiтнымi азёрамi.

Гiсторыя вёскi багатая i разнастайная. Яна адыходзiць сваiмi каранямi ў глыбiню вякоў. Даўным-даўно на пакацiстым грудзе сярод лясоў i балот узнiкла паселiшча. Пэна ад слова «груд» i атрымала паселiшча сваю назву – Грудзiнаўка. Тутэйшыя сяляне выпальвалi i карчавалi лес i на яго месцы стваралi палi, пашу, лугi. Доўгi час мясцовасць уваходзiла ва ўладаннi польскiх магнатаў Хадкевiчаў i Сапегаў, а ў 1772 годзе пасля першага падзелу Рэчы Паспалiтай адышла да Рассii. Iмператрыца Кацярына II мiласцiва пажалавала вёску Грудзiнаўка з прыгоннымi сялянамi i амаль дзевятнаццаццю тысячамi дзесяцiн зямлi i лесу графу Талстому Дзмiтрыю Аляксандравiчу, магiлёўскаму грамадзянскаму губернатару (1812 - 1820) часоў айчыннай вайны з Напалеонам.

У справаздачах Магiлёўскага губернатара за 1804 i 1823 гг. гаворыцца, што ў маёнтку Грудзiнаўка генерал-майёра Талстога Дзмiтрыя Аляксандравiча дзейнiчаюць выдатнейшы племянны коны завод i мануфактурная фабрыка. У 1823 годзе на дзесяцi ткацкiх станках прыгонныя ткачых саткалi 6250 аршын простага тонкага i фламандскага палатна.

Пазней у маёнтку ўзводзiцца бровар i шклозавод.

Сям’я Талстых жыла ў драўляным будынку, якi быў пабудаваны на беразе возера.

Пакiнуўшы службу Д. А. Талстой безвыездна жыў у Грудзiнаўцы, дзе i быў пахаваны ў 1832 годзе у царкве.

Да 19 стагоддзя адносiцца i палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Грудзiнаўка, якi з’яўляецца адным з найбольш каштоўных помнiкаў садова-паркавага мастацтва ў рэспублiцы.

Зараджэнне садова-паркавага мастацтва ў Беларусi звязана з трансфармацыяй замкавага дойлiдства ў палацава-замкавае, а потым у палацава-паркавае I датуецца прыкладна канцом 17 стагоддзя. Асноўнымi рысамi рэгулярных паркаў з’яўляецца строгая геаметрычная планiроўка пры разнастайнасцi трактоўкi дэталяў, мноства фантанаў, бассейнаў, наяўнасць шматлiкiх мармуровых скульптур, трэльяжных альтанак, складаных малюнкаў кветнiкоў на партэрах.

Развiцце пейзажнага стылю ў паркабудаваннi адбывалася ў эпоху панавання рамантызму ў мастацтве. Духоўным крытэрыем пейзажнага напрамку з’явiлася своеасаблiвае цячэнне ў жывапiсу, лiтаратуры, фiласофii, якое выразiлася ў захапляючых адносiнах да натуральнай прыроды.

Пейзажныя паркi закладалiся на самых маляўнiчых тэрыторыях з ляснымi ландшафтамi, часта на высокiх тэрасах рэк, цi мораных градах блiзка ля азёр. Мастакi-паркабудаўнiкi адкрывалi i падкрэслiвалi натуральную прыгажосць мясцовых ландшафтаў, а створана ненатуральна пейзажам прыдаваўся выгляд натуральнага паходжання. Паступова многiя паркi абагачалiся рэдкiмi iншаземнымi раслiнамi (экзотамi) i прымалi характар калекцыйных аб’ектаў.

Грудзiнаўскi палацава-паркавы ансамбль, якi збудаваны рукамi архiтэктара i прыгонных майстроў, уражвае i сёння сваёй адметнай прыгажосцю.

У аснову кампазiцыi Грудзiнаўскага парка пакладзены прынцып дальнiх перспектыў на вялiкi вадаём у глыбiнi парка i сад, якi займае паўночна-заходнюю частку сядзiбы. На пярэднiм плане партэр з фантанам. Ён паўкруглай формы, быў абсаджаны лiпамi. Уздоўж асноўнай асi, была размешчана лiпавая алея. Зправа выцягнуты па даўжыне ў выглядзе трохкутнiка масiў лiстоўнiцы еўрапейскай. Уздоўж яго да двара праходзiла туевая алея. Туя выкарыстоўвалася i ў абсаджаннi другой дарогi, якая абмяжоўвала парк з усходняга боку. У парку расло амаль 60 назваў дрэў i кустоў. Захавалiся адзiнкавыя дрэвы сасны кедравай сiбiрскай, елкi звычайнай змеепадобнай, дуба чарэшчатага пiрамiдальнага, лiпы крымскай, альхi шэрай рассечаналiстай, туi i таполi канадскай, ясеня пенсiльванскага.

Заходнюю частку парка акаймляе маляўнiчае рукатворнае возера площай у тры гектары.

 

Пазней у парку на узвышанным месцы пабудаваны мураваны палац. Цэнтральная, квадратная ў плане двухпавярхоавя частка яго ўвенчана сферычным купалам i выдзелена на галоўным фасадзе адкрытай паўцыркульнай верандай з высокiм мураваным ганкам i балконам на другiм паверсе, адкуль адкрываецца маляўнiчая панарама парку, вiд бассейна i возера. Да тарцоў далучаны вузкiя аднапавярховыя пабудовы. Усе тры аб’ёмы (двухпавярховы i аднапавярховыя) аб’яднаны аднолькавымi масiўнымi i складанымi карнiзамi. Унутры палаца планiроўка калiдорная, у цэнтральнай частцы шырокi вестыбюль з лесвiцай, над якiм размешчана парадная зала. У дэкаратыўнай апрацоўцы фасаду выкарыстаны элементы архiтэктуры класiцызму – пiлястры, рознай канфiгурацыi сандрыкi, фiгурныя кранштэйны, нiшы i iнш.

Дабротныя, велiчныя будынкi палаца i царквы вылучылiся сярод убогiх пакасiўшыхся падслепаватых сялянскiх хат, пакрытых саломай.

Пры сыне Талстога Д. А. Паўле Дзмiтравiчы праводзiлась сялянская рэформа 1863 года. Паўлу Дзмiтравiчу з маёнткам дасталася 1147 прыгонных i доўг з маёнткам у сумме 67757 руб. Пры разлiку за зямлю доўг быў утрыманы дзяржавай. Пры правядзеннi рэформы iнтарэсы памешчыка улiчвалiся ў першую чаргу. У дамавых мелicя абмежаваннi для сялян: нельга было паляваць на дзiкiх звяроў, забаранялася рыбалоўства на азёрах i iнш. Уся набытая сялянамi зямля станавiлася ўласнасцю абшчыны.

Пасля смерцi Паўла Дзмiтравiча (1875 г.) маёнтак перайшоў да ягонага сына Дзмiтрыя Паўлавiча (1853 – 1894 гг.) – прыдворнаму, якi служыў пры Мiнiстэрстве Двара. Ён стаў апошнiм уладальнiкам Грудзiнаўкi па мужчынскай лiнii. Ён, як i яго дзед, быў пахаваны ў грудзiнаўскай царкве.

Пасля смерцi Дзмiтрыя Паўлавiча гаспадыняй Грудзiнаўкi стала ягоная ўдаваЛяксандра Рыгораўна, з старога княжага роду Шчарбатавых з Рурыкавiчаў. Бацька Ляксандры Рыгораўны ў 1856 – 1858 гадах быў папячыцелем Санкт-Пецярбургскага унiверсiтэту. Аўдавеўшы, графiня прысвяцiла сваё жыццё дабрачыннасцi. Ляксандра Рыгораўна пабудавала бальнiцу ў вёсцы Рыжкаўка,запрашала да працы лепшых лекараў, аплочвала працу iх i персаналу. У бальнiцы мелiся вадаправод i каналiзацыя, што было рэдкасцю ў той час.

Графiня з дочкамi жылi ў Пецярбургу, а на лета заўсёды прыязжалi ў Грудзiнаўку (прыходзiлi ў бальнiцу, якая знаходзiлася ў 3 км. ад маёнтку, рабiлi абход хворых. Усе дзецi, што нараджалiся ў бальнiцы, атрымлiвалi дзiцячы пасаг).

Старыя людзi любяць расказваць дзецям пра тое, што чулi ад сваIх бацькоў. Як графiня на кожнае свята выстаўляла пачастункi для ўсёй вёскi, цi як яе дочкi ў бальнiцы аблягчалi пакуты хворых. А сям’ю Ратнiкавых да гэтага часу клiчуць у Грудзiнаўцы Шакаладавымi. Гэта прозвiшча пайшло ад памылкi конюха Ратнiкава, якому графiня загадала прывезцi салат да абеду, а той, пераблытаў незразумелыя словы i прывёз шакалад.

Маёнтак Грудзiнаўка пры Ляксандры Рыгораўне ўражваў сваёй дагледжанасцю, парадкам. Мелiся аранжарэi, дзе раслi персiкi i iншыя экзатычныя для нашых мясцiн раслiны. Быў цудоўны сад, плантацыi ягад.

У 1908 годзе графiня вырашыла наладзiць сваю вiнакурную вытворчасць. Невялiкi завод пабудавалi палякi, польскiм было i абсталяванне. З вiном штосьцi не атрымалася, а вось бульбянога спiрту-сырцу промысел даваў да сотнi вядзёр у дзень. Вытворчасць у той час працавала на торфе, была сезоннай i абслугоўвалi яе 40 чалавек.

 

У лiстападзе 1917 года ў Грудзiнаўцы была устаноўлена Савецкая ўлада. Графiня пераехала жыць у Францыю, яе дочкi вышлi замуж.

У палацы размясцiўся штаб фармiравання Чырвонай Армii. У першыя паслярэвалюцыйныя гады у падвалах барскага асабняка размясцiўся вiнзавод. Да 1941 года ў флiгелi мясцiлася сярэдняя школа. У час вайны ў 1943 годзе ён згарэў ад неасцярожнага абыходжання з полымям немцаў, якiя прыстасавалi флiгель да гаспадарчых патрэб.

У вайну ў маёнтку знаходзiўся нямецкi шпiталь, стаяла вайсковая часць.

Пасля вайны (1945-1961) тут знайшоў прытулак дзетдом для сiрот, чыiх бацькоў згубiла вайна. Хлопчыкi i дзяўчынкi, кволыя, як свечачкi, з блакiтнымi паўкружжамi пад вачамi, бераглi свой парк. Збiралi сучча, апаўшае лicце. Высякаўся сухастой, скошвалася трава, у алеях высажвалiся безсiстэмна звычайныя клёны i бярозы.

Потым у палацы знаходзiлася школа-iнтэрнат для дзяцей з захворваннямi сэрца. Тут былi створаны добрыя ўмовы для лячэння i навучання дзяцей.

Ў 1990 годзе ў сувязi з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС школа-iнтэрнат была расфармiравана. У 1991 годзе бальнiца, якая знаходзiлася ў вёсцы Рыжкаўка, пераехала на тэрыторыю сядзiбы ў корпус былой школы-iнтэрната.

 

У 1991 годзе, дзякуючы Н. С. Кугелю, яго аўтарытэту заслужанага ўрача Рэспублiкi Беларусь, дэпутата абласнога Савета пра лёс сядзiбы заклапацiлася грамадства. Былi праведзены тапаграфiчныя здымкi мясцовасцi, распрацавана дакументацыя.

Вясной пачалiся работы па ачыстцы возера на тэрыторыi парка. Калгас па рашэнню выканкама Быхаўскага райсавета ўзяў сядзiбу пад сваю ахову. Было выдзелена 50 тысяч рублёў для добраўпарадкавання парка. Але дакументацыя дзесцi згубiлася, праца спынiлася.

Вучоныя прапануюць цэментаваць дуплы старых дрэў, каб падоўжыць iх жыццё. У заняпадзе i патрабуе рамонту графскi палац.

У старым парку шумяць густымi кронамi векавыя дубы, сведкi даўнiх часоў, сустракаюць наведвальнiкаў вечназялёныя туi. Але, на жаль, парк ужо не той, што ранней. На партэры i палянах ранней былi праведзены бессiстэмныя пасадкi дрэў. Тэрыторыя перад сажалкай зменена. Няма старых зграбных лiпаў. Не абмiнула парк i Чорная хмара Чарнобыля: радыяцыя тут складае 6 i болей кюры/м2.

Каля ўваходу ў парк вiсiць шыльда, на якой напiсана, што парк з’яўляецца помнiкам прыроды i ахоўваецца дзяржавай. Але яго разбурэнне адбываецца як пад уплывам антрапалагiчнага фактара, так i ад безгаспадарчых адносiн да помнiкаў.

За апошнiя гады ў Грудзiнаўку некалькi разоў прыязжаў граф Талстой у восьмым пакаленнi Аляксандр Мсцiслававiч – французкi падданны (жыве ў Мiнску i выкладае ў гуманiтарным унiверсiтэце). Яго вельмi засмуцiла згаслае становiшча Талстых i раўнадушныя адносiны да яе лёсу беларусаў.

 

Сядзiба Талстых – гэта не толькi асабняк мiнулага стагоддзя, аднак i ўнiкальны стары парк.

Ўсё гэта трэба захаваць.

_______________________________________________________

(из архива Грудиновской библиотеки)

_______________________________________________________

 вернуться к списку статей 

поделиться в

 

^^ вверх ^^

Hosted by uCoz

© Старовойтов С.В.